«Прывыкаць да добрага не варта»... У палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага цяпер — чырвоная бірка
Дзмітрыя Дубоўскага паставілі на прафулік як «схільнага да ўцёку» — цяпер у яго чырвоная бірка

Сястра анархіста Дзмітрыя Дубоўскага, асуджанага да 18 гадоў калоніі, напісала, што палітвязень у калоніі цяпер ходзіць з чырвонай біркай. Гэта значыць, што адміністрацыя паставіла яго на прафілактычны ўлік як «схільнага да ўцёку».
Ад былых вязняў вядома, што зняволеных з чырвонымі біркамі не водзяць на прамзону. Акрамя гэтага, яго пазбавілі працяглага спаткання.
Праваабаронцы прыводзяць урывак ліста палітвязня ад 16 чэрвеня: «Ну, а ў астатнім, усё стабілізуецца, дні падобныя адзін да аднаго, спрабую выпрацаваць для сябе распарадак і ўсё такое. Аднак адных маіх жаданняў і планаў тут недастаткова... І так, ты маеш рацыю, з бандэроллю, мабыць, трэба паспяшацца, як і з многімі іншымі момантамі. Зрэшты, аб верагодных абмежаваннях і пазбаўленнях мы з табой ужо не раз казалі, так што цешыць сябе, як і прывыкаць да добрага, не варта...»
Дзмітрыя можна падтрымаць лістамі і паштоўкамі: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Дзмітрыю Мікалаевічу Дубоўскаму.